Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Капітуляцыя» ці кампраміс? Эўразьвяз сутыкаецца з нэгатыўнай рэакцыяй з-за гандлёвай зьдзелкі з ЗША


Сьцягі ЗША і Эўрапейскага зьвязу. Архіўнае фота
Сьцягі ЗША і Эўрапейскага зьвязу. Архіўнае фота

ЗША і ЭЗ ледзьве пазьбеглі паўнавартаснай гандлёвай вайны пасьля рамачнага пагадненьня, дасягнутага ў Шатляндыі 27 ліпеня.

Хоць пагадненьне дазволіла пазьбегнуць высокіх мытных тарыфаў з боку ЗША і захадаў у адказ, крытыкі сьцьвярджаюць, што яно значна больш спрыяе Вашынгтону, пакідаючы трансатлянтычныя адносіны ў нявызначаным стане, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Справядліва будзе сказаць, што пасьля пагадненьня паміж дзьвюма найбуйнейшымі эканомікамі сьвету, якія генэруюць гандаль на суму 1,7 трыльёна даляраў на год, зьявілася палёгка, але няма сапраўднага сьвяткаваньня. Высокія амэрыканскія тарыфы ў памеры 30% на ўсе тавары ЭЗ, якія павінны былі ўступіць у сілу 1 жніўня, зьнятыя з парадку дня, як і пакет захадаў Брусэля ў адказ у памеры 93 мільярдаў эўра, які павінен быў быць прадстаўлены праз тыдзень.

Замест гэтага атрымалася пагадненьне, якое, як падаецца, моцна схіляецца на карысьць Злучаных Штатаў. Замест 30-працэнтных тарыфаў Брусэль пагадзіўся на 15% мыта на большасьць тавараў — ад аўтамабіляў да паўправаднікоў і фармацэўтычных прэпаратаў. Сталь і алюміній будуць працягваць абкладацца 50% мыта, нават нягледзячы на тое, што будзе ўведзеная сыстэма квот, якая азначае, што мыты ў гандлі некаторымі вырабамі са сталі і алюмінію могуць апусьціцца ніжэй за ўстаноўлены тарыф.

Акрамя таго, Трамп таксама дамогся пагадненьня, згодна з якім ЭЗ закупіць амэрыканскія энэргарэсурсы, у прыватнасьці звадкаваны газ, на 750 мільярдаў даляраў у бліжэйшыя тры гады і дадаткова інвэстуе 600 мільярдаў у эканоміку ЗША. Паколькі ЭЗ абавязаўся цалкам адмовіцца ад імпарту расейскай энэргіі да канца 2027 года, купля большай колькасьці звадкаванага газу з ЗША мае сэнс з пункту гледжаньня Эўразьвязу, нават нягледзячы на тое, што ён таксама будзе шукаць іншыя альтэрнатывы з Блізкага Ўсходу, Паўночнай Афрыкі і Нарвэгіі.

Зь іншага боку, наўзамен Злучаныя Штаты прапанавалі мала саступак, калі такія наогул былі, што выклікала крытыку ў эўрапейскіх краінах, дзе загаварылі аб «капітуляцыі» і «падпарадкаваньні» Злучаным Штатам. Раней у ліпені ЭЗ быў блізкі да дасягненьня пагадненьня аб базавым тарыфе ў 10%, што зьяўляецца ростам у параўнаньні з сярэднім паказчыкам у 4,8% да другога тэрміну прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Аднак пагроза 30-працэнтных тарыфаў, ухваленая Белым домам 12 ліпеня, перакуліла любыя шанцы на хуткае і больш выгаднае пагадненьне для Брусэля.

Пасьля прамых перамоваў з Трампам у Шатляндыі попельна-бледная старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрзуля фон дэр Ляен заявіла, што пагадненьне «забясьпечвае стабільнасьць і прадказальнасьць». Адзін эўрапейскі дыплямат заявіў Радыё Свабода, што фон дэр Ляен проста «зрабіла ўсё магчымае ў жудаснай сытуацыі, бо мела справу з чалавекам, гатовым разьбіць увесь посуд у лаўцы».

У рэшце рэшт, Трамп ведаў, што мае перавагу, і што Брусэль ня надта імкнуўся нанесьці ўдар у адказ. Эўрапейскі чыноўнік, знаёмы з перамовамі, адзначыў, што Вашынгтон добра разумеў, што краіны ўсходняга флянгу блёка лічылі, што раздражненьне ЗША будзе мець «сур’ёзныя наступствы», хоць Трамп ніколі не пагражаў вывесьці амэрыканскія войскі з рэгіёна. Ён таксама ведаў, што ірляндцы хацелі б абараніць экспарт фармацэўтычных прэпаратаў, французы — гандаль алькаголем, а немцы — забясьпечыць сабе такі ж доступ да амэрыканскага рынку для сваіх аўтамабіляў, як і японцы, што было прапанавана японцам у гандлёвай зьдзелцы паміж Вашынгтонам і Токіё некалькі дзён таму. «Ён проста зразумеў нашы слабасьці», — сказаў чыноўнік.

На паперы цяпер выглядае, што Злучаныя Штаты трымаюць Эўропу менавіта там, дзе яны хочуць, — і ня толькі ў гандлі. На нядаўнім саміце NATO ў Гаазе эўрапейскія саюзьнікі і Канада абавязаліся павялічыць выдаткі на абарону да 5% да 2034 года, а затым дамовіліся, што тыя ж краіны будуць купляць амэрыканскую зброю для паставак ва Ўкраіну.

Але калі ўважліва паглядзіце на ўсе гэтыя зьдзелкі, вы знойдзеце лазейкі. Што тычыцца выдаткаў на абарону, то толькі 3,5% павінна пайсьці на «жорсткія» вайсковыя выдаткі, і многія краіны ўжо прызналі, што ім будзе цяжка дасягнуць гэтага. Ідэя купляць амэрыканскую зброю для адпраўкі ва Ўкраіну наўрад ці новая, і хоць ёсьць жаданьне зрабіць гэта, праблема тут хутчэй у абмежаваных заходніх вытворчых магутнасьцях на гэты момант у спалучэньні з ужо перагружанымі ланцужкамі паставак.

У гандлёвай зьдзелцы таксама ёсьць значныя выключэньні. Варта памятаць, што гэта рамачнае пагадненьне, дэталі якога будуць прапрацоўвацца ў бліжэйшыя тыдні. Вашынгтон і Брусэль ужо дамовіліся аб нулявых тарыфах на свае самалёты, паўправаднікі, крытычна важную сыравіну, а таксама некаторыя хімічныя рэчывы і сельскагаспадарчую прадукцыю. Чакаецца, што ў гэты сьпіс будуць дададзены новыя тавары, асабліва пасьля ўзмацненьня лябізму з абодвух бакоў Атлянтыкі ў бліжэйшыя тыдні.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG