Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны ў Беларусі за «шпіянаж» грамадзянін Літвы ў лісьце на волю заявіў пра катаваньні і фальшаваньне яго справы


Беларуская турма. Архіўнае фота
Беларуская турма. Архіўнае фота

«Наша Ніва» апублікавала вытрымкі з ліста вязьня Івацэвіцкай калёніі № 22 Сяргея Ботвіча, беларуса зь літоўскім пашпартам, пакаранага па артыкуле «шпіянаж» і прызнанага палітвязьнем.

Як паведамляе «Наша Ніва», Сяргею Ботвічу 61 год, ён займаўся бізнэсам у Літве і Беларусі, грамадзянін Літвы, мае сваякоў у Горадзенскай вобласьці. У 2022 годзе Горадзенскі абласны суд засудзіў Ботвіча да 13 гадоў зьняволеньня паводле артыкулаў аб шпіянажы і агентурнай дзейнасьці.

Беларускія праваабаронцы ў верасьні 2024 году прызналі Сяргея Ботвіча палітвязьнем.

Як сьцьвярджаюць у «Нашай Ніве» чалавек, які перадаў ліст Сяргея Ботвіча ў рэдакцыю, спаслаўся на жаданьне вязьня апублікаваць гэты ліст. Паводле яго словаў Ботвіч усьведамляе рызыкі, але хоча «расказаць пра сябе і перадаць вестку на волю».

«Я быў выкрадзены супрацоўнікамі КДБ РБ і ўзяты пад варту 21.06.21 (будучы этнічным беларусам, я прыехаў праведаць сястру і наведаць магілы бацькоў і сваякоў). Паўтара года трымалі ў адзіночнай камэры. Падвяргалі 10-гадзінным допытам (скрыжаваным), пакідаючы без ежы і піцьця на гэты час пры [маіх] хранічных захворваньнях: цукроўка, посттрамбозны сындром, гіпэртанія і падагра», — расказаў Сяргей Ботвіч у лісьце з калёніі, дасланым спосабам, які выданьне не раскрывае «з прычын бясьпекі».

Паводле Сяргея Ботвіча, беларускія сілавікі прапаноўвалі яму абгаварыць сябе пра нібыта шпіёнскую дзейнасьць на карысьць Літвы.

«Патрабавалі пацьвердзіць, што нібыта я зьяўляюся супрацоўнікам Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літоўскай Рэспублікі. Па ўсіх дакумэнтах я праходзіў як «иноразведчик», — паведаміў Ботвіч.

Сяргей Ботвіч сьцьвярджае, што беларускія спэцслужбы шантажавалі ягоных сваякоў, расказвае, хто яго фальшыва абгаварыў. Для яго справа закончылася судом і жорсткім прысудам.

«Ня маючы ніякіх доказаў, беларускія спэцслужбы незаконна ўжылі да мяне артыкулы 358 і 358-1 і пры адсутнасьці складу шпіянажу прысудзілі мяне да 13 гадоў пазбаўленьня волі», — сьцьвярджае Сяргей Ботвіч.

У перададзеным на волю лісьце Сяргей Ботвіч называў імёны супрацоўнікаў беларускіх спэцслужбаў, якія вялі ягоную справу.

Ботвіч закончыў свой ліст заклікам пра дапамогу і папярэджаньнем на адрас грамадзян краін Эўразьвязу аб небясьпецы, якую ўяўляюць спэцслужбы Беларусі.

«Я зьвяртаюся да ўсёй эўрапейскай дэмакратычнай грамадзкасьці, каб падтрымалі мяне і маю сям’ю, бо ў такой сытуацыі можа апынуцца любы жыхар Эўразьвязу. Гэты спрут з назвай з камуністычнага мінулага цынічна і нахабна прысутнічае на эўрапейскай тэрыторыі, урываецца ў прыватнае жыцьцё, запалохвае і вярбуе эўрапейскіх грамадзян, а таксама праслухоўвае іх тэлефонныя размовы».



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG