Летам 2025 году буйныя расейскія аэрапорты, у тым ліку маскоўскія, рэгулярна закрываюць з ваенных прычынаў. Гэта наўпрост закранае і беларусаў, бо праз закрыцьцё паветранай прасторы «Аэрофлот» скасоўвае рэйсы ў Менск. «Белавія» пра скасаваньне рэйсаў пакуль не інфармавала, беларускія цывільныя самалёты працягваюць рэгулярна лётаць і ў іншыя расейскія гарады. У тым ліку разьмешчаныя непадалёк ад расейска-ўкраінскай мяжы.
Ці бясьпечна гэта? Што адбываецца, калі ўкраінскія дроны масава лятуць на Маскву? Чаму «Белавія» не скасоўвае рэйсы ў Расею? На пытаньні Свабоды адказаў расейскі авіяцыйны экспэрт, кандыдат тэхнічных навук Уладзімір. Мы падаем яго імя зьмененым з прычынаў бясьпекі, Уладзімір жыве ў Расеі, працягвае сачыць за станам расейскай авіяцыйнай інфраструктуры.
Навошта і як уводзяць плян «Ковёр»
«Бесьпілётнікі выяўляюць вайскоўцы, і каб вайскоўцы маглі бесьперашкодна па іх цаляць, у небе не павінна быць ніякіх іншых аб’ектаў, — пачынае размову Ўладзімір. — Яскравы прыклад — выпадак з рэйсам MH17, які зьбілі над Данбасам у 2014 годзе. І апошняя гісторыя — калі над Грозным зьбілі азэрбайджанскі самалёт. Плян „Ковёр“ (па-бел. дыван. — РС) уводзіцца не таму, што дроны пагражаюць цывільным самалётам, а менавіта для таго, каб вайскоўцы маглі бесьперашкодна зьбіваць дроны».
З словаў Уладзіміра, у Расеі зараз дзейнічае пэўная схема дзеяньняў падчас атак украінскіх бесьпілётнікаў. Як толькі супрацьпаветраная абарона Расеі атрымлівае інфармацыю аб зьяўленьні ўкраінскіх бесьпілётнікаў, вайскоўцы абвяшчаюць плян «Ковёр», які прадугледжвае спыненьне палётаў цывільнай авіяцыі. У выніку аэрапорты перастаюць прымаць і выпускаць самалёты.
Апошняя такая сытуацыя склалася ранкам 28 ліпеня, прычынай называюць кібэратаку. Плян «Ковёр» абвясьцілі 21 ліпеня, былі скасаваныя адразу тры рэйсы «Аэрофлота» ў Беларусь. У той жа час беларускія самалёты працягвалі лётаць у Расею. Паведамлялі толькі пра затрымкі рэйсаў, не пра скасаваньне.
Чаму «Белавія» праз украінскія атакі не скасоўвае рэйсы ў Расею
Як кажа Ўладзімір, скасаваньне рэйсаў адной авіякампаніяй і захаваньне раскладу палётаў у другой яшчэ не азначае, што другая авіякампанія пайшла на рызыку і надалей лётае ў небясьпечны рэгіён, не зважаючы на магчымасьць трапіць пад абстрэл.
«Авіякампаніі самі далей вырашаюць, што ім рабіць, — кажа суразмоўца. — Вы пытаеце, чаму „Аэрофлот“ скасоўвае рэйсы, а „Белавія“ — не. Гэта адбываецца таму, што авіякампаніі дзейнічаюць па-рознаму. Калі аэрапорт адкрыты — яны лятуць туды. Калі закрыты, то кожная вырашае сама, што ёй рабіць. Хто ня вылецеў, скасоўвае рэйс ці затрымлівае яго. І што атрымліваецца — „Аэрофлот“ можа рабіць 2–3 рэйсы ў дзень у Менск. І гэта можа рабіць адзін самалёт. Калі ён ранкам у Менск ня вылецеў, то рэйс адкладваюць. А наступныя рэйсы, якія мог выконваць гэты ж самалёт, проста скасоўваюць. У „Белавія“ можа быць іншая схема, зь некалькімі самалётамі. Таму яны могуць толькі затрымаць рэйсы, калі абвешчаны плян „Ковёр“, а не скасоўваць іх цалкам».
Авіяцыйны экспэрт удакладняе, што скасаваньне рэйсаў зьвязана перадусім з раскладам палётаў у самой авіякампаніі, якая дзейнічае зыходзячы з уласных магчымасьцяў. Скасаваньні рэйсаў нявыгадныя перавозьніку, зь іх вынікае неабходнасьць перарэгістрацыі пасажыраў на іншыя рэйсы і выплаты кампэнсацыяў.
Служба падтрымкі «Белавія» на пытаньне патэнцыйнага пасажыра, чаму авіякампанія працягвае палёты ў Расею, нягледзячы на рэгулярныя атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў, не адказала.
«Няма сэнсу параўноўваць рэакцыю „Белавія“ на закрыцьцё расейскіх аэрапортаў з рэакцыяй „Аэрофлота“, — кажа Ўладзімір. — У кожнай авіякампаніі свая спэцыфіка арганізацыі палётаў. Калі ў „Белавія“ тры рэйсы ў дзень у Маскву і іх выконваюць тры розныя самалёты, то няма сэнсу ўсё скасоўваць. Першы ранішні затрымалі, ён спазьніўся. Іншыя вылецелі паводле раскладу, калі аэрапорты былі адкрытыя».
Уладзімір гаворыць, што нават калі б авіякампанія захацела, то не змагла б вылецець у аэрапорт, закрыты паводле пляну «Ковёр». Дыспетчар проста не дазволіць пасадку там і перанакіруе рэйс у іншае месца. Вайскоўцы дыктуюць аэрапортам, як яны мусяць дзейнічаць. Пасьля аэрапорты перадаюць інфармацыю авіякампаніям.
Ці могуць расейскія вайскоўцы памылкова зьбіць беларускі самалёт?
Наколькі ўвогуле бясьпечна лётаць зь Беларусі ў Расею зараз? Ці заўсёды расейскія вайскоўцы пасьпяваюць абвесьціць плян «Ковёр» перад тым, як пачынаюць зьбіваць украінскія бесьпілётнікі? З словаў Уладзіміра, на сытуацыю моцна паўплывалі падзеі ў канцы мінулага году, калі над Чачэніяй расейскія сілы супрацьпаветранай абароны, як мяркуецца, зьбілі азэрбайджанскі цывільны самалёт.
«Расея, будучы чальцом міжнароднай авіяцыйнай арганізацыі ICAO, нясе адказнасьць за бясьпеку сваёй паветранай прасторы, — нагадвае Ўладзімір. — Калі там існуюць нейкія пагрозы, то Расея павінна абмежаваць палёты. А калі яна гэтага ня робіць, значыць, можна ляцець. Тут няма розьніцы, куды вам ляцець зь Менску — у Грозны ці ў Хэльсынкі, калі прастора адкрытая. Іншая рэч — наколькі расейскія ўлады разумеюць узровень небясьпекі. Цяпер кожны расейскі аэрапорт у эўрапейскай частцы краіны знаходзіцца ў зоне дасяжнасьці ўкраінскіх дронаў. І тэарэтычна сытуацыя, якая ўзьнікла з азэрбайджанскім самалётам, можа паўтарыцца».
Уладзімір гаворыць, што падчас меркаванага зьбіцьця азэрбайджанскага самалёта над Чачэніяй плян «Ковёр» у парушэньне інструкцыяў быў уведзены з спазьненьнем, ужо пасьля таго, як супрацьпаветраная абарона пачала зьбіваць украінскія бесьпіётнікі.
«Ці можа паўтарыцца такая нескаардынавасьць? Можа, — гаворыць авіяцыйны экспэрт. — Але, як я разумею, высновы ўсё ж зрабілі. Закрыцьцё аэрапортаў падчас атак украінскіх дронаў здаралася і раней. Але такія масавыя, татальныя закрыцьці пачаліся толькі сёлета. Як я разумею, Расея фармальна не прызнала адказнасьць за зьбіцьцё азэрбайджанскага самалёта. Пуцін нешта ўхіліста сказаў і ўсё. Прызнаньня зьбіцьця не было. Але не было публічна. Унутры службаў і ведамстваў праца была праведзеная і менавіта таму зараз закрываюць адразу ўсё. Дроны яшчэ на падлёце, а закрываецца адразу ўсё».
Чаму Расея не закрывае паветраную прастору цалкам
Уладзімір мяркуе, што ў сытуацыі, калі Ўкраіна запускае дроны над значнай часткай расейскай тэрыторыі і яны дасягаюць нават аддаленых ад месцаў правядзеньня баявых дзеяньняў тэрыторыяў, расейскія авіяцыйныя ўлады павінны закрываць паветраную прастору прынамсі над эўрапейскай часткай тэрыторыі краіны. Аднак рабіць гэтага ўлады ня могуць і ня хочуць зь некалькіх прычынаў.
«Недарэчная сытуацыя, — кажа Ўладзімір. — Закрыць неба Расея ня можа. Краіна завялікая. Швайцарыя можа закрыць неба, людзі будуць перамяшчацца чыгункай, на аўтамабілях. Беларусь можа. Разьвітая наземная інфраструктура дазваляе абыходзіцца без авіяцыі. Калі краіна невялікая, то авіяцыя ўнутры не адыгрывае вызначальнай ролі. А Расея ня можа закрыць неба. Масква — Новасібірск, Масква — Іркуцк — гэта толькі самалёты. Чыгункай соднямі ехаць, аўтамабільныя дарогі ўвогуле не дазваляюць гэтага рабіць. Там жа не нямецкія аўтабаны. Таму мы ня можам закрыць неба».
Уладзімір зьвяртае ўвагу яшчэ і на эканамічны эфэкт нават ад пэрыядычнага закрыцьця паветранай прасторы над расейскімі гарадамі. У выніку затрымкі альбо скасаваньня рэйсаў авіякампаніі нясуць страты. Кампэнсаваць іх тэарэтычна павінен той, хто выдае загад закрыць паветраную прастору, кажа суразмоўца. Аднак у Расеі гэта не працуе.
«Пакуль усе выдаткі нясуць аэрапорты, але яны ня ў стане даць рады ўсяму, — кажа Ўладзімір. — Мяркуецца, што калі самалёт адпраўляюць на запасны аэрадром, то гэта 1-2 мільёны рублёў (залежыць ад адлегласьці і мадэлі самалёта). А калі ў цябе каляпс на 1-2 дні ува ўсіх маскоўскіх аэрапортах, то гэта ўжо мільярды рублёў. Называюцца сумы 4-6 мільярдаў у дзень. Пытаньне — хто плаціць? Закрываецца ўсё праз вайскоўцаў. Калі гэта раз ці два, то можна сьпісаць на форс-мажор. А калі гэта сыстэмна, то ні ў кога ня хопіць рэсурсаў аплочваць такое. На такое патрэбны асобны ваенны бюджэт. Першапрычына ўсяго ўзьнікла 24 лютага 2022 году. Гэта ўсё наступствы таго рашэньня».
Што далей будзе з рэйсамі ў Расею
Як кажа Ўладзімір, расейскія ўлады могуць ігнараваць выдаткі ўласных аэрапортаў і авіякампаніяў. «Аэрофлот» працягне палёты, нягледзячы на тое, што авіякампаніі яны могуць прынесьці вялікія страты. Падобная сытуацыя і ў «Белавія», якая зараз выконвае большасьць палётаў у Расею і таксама залежыць ад палітычнай волі кіраўніцтва Беларусі.
«Шчыра кажучы, ня ведаю, што будзе далей зь міжнароднымі рэйсамі ў Расею, — прызнаецца суразмоўца. — Акрамя „Белавія“, да нас лётаюць таксама іншыя замежныя авіякампаніі. Турэцкія авіялініі, сэрбскія. Як зь імі быць? Яны ж таксама нясуць страты. Калі ім іх не кампэнсаваць, то яны перастануць лётаць. Яны ж камэрцыйныя ў першую чаргу, лётаюць дзеля прыбыткаў. Тое, што зараз адбываецца, — гэта форс-мажор. Але гэты форс-мажор становіцца рэгулярным, і ўлады Расеі павінны прымаць нейкае рашэньне».
Як кажа Ўладзімір, для авіякампаніяў першы крок у такой сытуацыі — рэзка павялічыць цэны на квіткі, куды закласьці патэнцыйныя страты. Некаторыя замежныя перавозьнікі ўжо так зрабілі.
«Калі зусім шчыра гаварыць, то зараз лепш увогуле не карыстацца паслугамі расейскіх авіякампаніяў, — кажа Ўладзімір. — Калі я лячу ў Стамбул з Масквы, то стараюся выбіраць „Турэцкія авіялініі“. Але там праз усе гэтыя фактары цана можа быць удвая вышэйшая. Тады бяру „Аэрофлот“. Час, грошы, яшчэ нешта — гэта таксама ўсё ўплывае на чалавека. Я вось камэнтую ўсе гэтыя падзеі, але сам разумею, што мне таксама хутка ў аэрапорт і я не адмоўлюся ад гэтага.
Форум