У Літве ўзмацняюць ахову неба пасьля інцыдэнту з залётам дрона зь Беларусі

Палёт Boeing RC-135W Rivet Joint у Літву

Неба над Літвою з раніцы 28 ліпеня кантралююць 3 самалёты-выведнікі, яшчэ адзін чакаюць з Брытаніі.

Адзін зь іх, Boeing RC-135V Rivet Joint, прыляцеў з вайсковага аэрадрому Mildenhall у Вялікай Брытаніі, іншы, Bombardier Challenger 650 Artemis, падняўся зь літоўскага аэрадрому ў Шаўлях і лётае над Латвіяй, Літвой і Польшчай праз «Сувальскі калідор», трэці, таксама Bombardier Challenger 650 Artemis, прыляцеў з Румыніі і аблятае па коле Калінінградзкую вобласьць.

Галоўны вайскавод літоўскай арміі генэрал Раймундас Вайкшнарас заявіў пасьля інцыдэнту з дронам:

«На сёньня ёсьць плян разгортваньня дадатковых сродкаў супрацьпаветранай абароны бліжэй да мяжы, бо мы бачым, што ёсьць пэўныя тэндэнцыі. Мы прыблізна ведаем кірункі, ведаем, куды, імаверна, ідуць гэтыя калідоры, гэта ўжо другі выпадак, і мы будзем узмацняцца ў гэтым месцы».

28 ліпеня стала вядома, што яшчэ адзін самалёт-выведнік Каралеўскіх вайскова-паветраных сілаў Вялікай Брытаніі Boeing RC-135W Rivet Joint накіроўваецца ў краіны Балтыі, на гэты раз з авіябазы Waddington.

Такім чынам, у рэгіёне будуць дзяжурыць 4 такія самалёты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неапазнаны дрон зноў заляцеў у Літву з тэрыторыі Беларусі

28 ліпеня раніцай у Літву заляцеў неапазнаны дрон зь Беларусі. Яго заўважылі над Вільняй.

Паліцыя разаслала жыхарам Вільні sms-папярэджаньні з парадай пры выяўленьні бесьпілётніка трымацца ад яго далей і паведаміць на нумар тэрміновых службаў 112.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве дысьлякавалі чатыры самалёты для выведкі AWACS