Хакеры Silent Crow і «Кібэрпартызаны» заявілі аб атацы на расейскі «Аэрофлот», кампанія скасавала рэйсы, у тым ліку ў Менск

Самалёт кампаніі «Аэрофлот». Архіўнае фота

Хакерская група Silent Crow разам з «Кібэрпартызанамі» заявілі аб пасьпяховым правядзеньні маштабнай апэрацыі супраць найбуйнешага расейскага авіяперавозьніка.

Група Silent Crow паведаміла, што ў выніку атакі «была цалкам скампрамэтаваная і зьнішчаная ўнутраная IT-інфраструктура «Аэрофлот — Российские авиалинии».

Група паведаміла, што апэрацыю вялі год, знаходзіліся ўнутры карпарацыйнай сеткі, мэтадычна разьвіваючы доступ, заглыбляючыся да ядра інфраструктуры.

Група падрабязна апісала вынікі атакі, у тым ліку тое, што ёй удалося атрымаць і выгрузіць поўны масіў базаў зьвестак гісторыі пералётаў, атрымаць кантроль над пэрсанальнымі кампутарамі супрацоўнікаў, у тым ліку найвышэйшага кіраўніцтва, зьнішчыць каля 7000 сэрвэраў.

Пасланьне заканчваецца словамі:

«Слава Україні! Жыве Беларусь!»

У «Аэрофлоте» гэтыя сьцьвярджэньні пакуль не камэнтавалі, але раней «Аэрофлот» заявіў, што «каманда спэцыялістаў працуе над мінімізацыяй рызык выкананьня вытворчага пляну палётаў і найхутчэйшага аднаўленьня штатнай працы сэрвісаў».

У Генпракуратуры Расеі пацьвердзілі, што «збой у кампаніі «Аэрофлот» выкліканы хакерскім нападам.

Маскоўская міжрэгіянальная транспартная пракуратура ўзяла на кантроль сытуацыю ў аэрапорце «Шереметьево», дзе затрыманыя звыш 80 і адмененыя каля 60 рэйсаў, у тым ліку ў Менск. У сувязі з гэтым у Расеі завялі крымінальную справу за неправамерны доступ да кампутарнай інфармацыі.

Silent Crow раней брала на сябе адказнасьць, у прыватнасьці, за ўзлом базы зьвестак «Росреестра».

На мінулым і пазамінулым тыднях рэйсы «Аэрофлота», як і шэрагу іншых кампаніяў, скасоўвалі ці пераносілі праз пагрозу ўдараў украінскіх бесьпілётнікаў. У маскоўскіх аэрапортах ня раз уводзілі абмежаваньні на прыём і вылет самалётаў.

28 ліпеня стала вядома, што збой у сыстэмах «Аэрофлота» прывёў да скасаваньня 42 рэйсаў.

«У „Аэрофлота“ адбыўся збой у працы інфармацыйных сыстэмаў. Авіякампанія папярэдзіла, што праз гэтыя непаладкі магчымыя затрымкі, пераносы або скасаваньні рэйсаў. У выніку збою скасаваныя 42 рэйсы з Масквы, паведаміла прэс-служба авіякампаніі. Скасаваныя палёты ў Астрахань, Калінінград, Ерэван, Мінэральныя Воды, Грозны, Казань, Санкт-Пецярбург, Чэлябінск і іншыя», — паведаміла @news_sirena.

Скасаваныя і тры рэйсы «Аэрофлота» ў Менск (і адпаведна зь Менску) зь сямі заплянаваных на сёньня. Іншыя авіякампаніі працягваюць палёты, як вынікае з онлайн-таблё.

У маскоўскім аэрапорце «Шереметьево» ўзьнік затор, там сабраліся сотні пасажыраў скасаваных рэйсаў, якія ня могуць вылецець з Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зноў скасавалі рэйс «Аэрофлота» зь Менску ў Маскву