Пра гэта Свабодзе расказаў Дзьмітры Міхайлаў, грамадзянін Латвіі, які правёў у беларускай турме тры з паловай гады за свае выказваньні ў закрытым чаце ў адным з мэсэнджэраў.
Вызвалілі Дзьмітрыя 21 чэрвеня 2025 года разам з іншымі беларускімі палітычнымі зьняволенымі пасьля візыту спэцыяльнага пасланьніка Трампа ў Менск.У інтэрвію «Свабодзе» Дзьмітры Міхайлаў распавёў, што ведаў і чуў пра Максіма Знака, знаходзячыся зь ім у адной калёніі.
— Сытуацыя зь ім дзіўная. За некалькі месяцаў да таго, як я трапіў у калёнію, мне расказалі, што Максім быў у ёй, што ён там быў у дзявятым атрадзе. Нават нейкія гіры для спорту, здаецца, набыў, ці родныя перадалі. І памятаю, тымі гірамі Знака нават займаліся некалькі месяцаў. А потым яго пасадзілі ў ШЫЗА. Гэта было ў 2022 годзе. У ШЫЗА — і з пераводам у так званае ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Гэта як бы турма ўнутры лягеру. То бок ты знаходзісься, жывеш па камэрным рэжыме. Ну і вось да 21 чэрвеня 2025 году ён адтуль не выходзіў.
Я магу сказаць, што ён дакладна жывы, таму што на той момант, калі я быў у ШЫЗА, я яго чуў: яго пераводзілі з ШЫЗА ў ПКТ. Па голасе ён быў такі бадзёранькі. Я ведаю, што ён вельмі шмат кніг замаўляе, чытае вельмі шмат. Па лістах — ня ведаю, ці можа ён там перапісвацца, але чытае ён шмат.
Я ўвесь час спрабаваў нешта пра яго даведацца, прапаноўваў хлопцам, хто ходзяць туды, — цяпер ужо можна сказаць — прапаноўваў два блёкі Winston [цыгарэт], каб перадалі яму ліст. Яны кажуць: «Дзіма, мы любому іншаму хоць кумпяк вось такі перададзім. А яму — нічога!». То бок таму, хто яму нешта перадасьць, таму ўсё, адразу проста ж**па.
Калі я сам быў у ШЫЗА, адзін раз спрабаваў да яго дакрычацца — але там па калідоры не так проста гэта зрабіць — проста дакрычацца: «Максім, трымайся, цябе памятаюць, цябе не забылі, усё будзе добра». Але, на жаль, я думаю, што ён, напэўна, ня чуў.
Чаму быў аддадзены такі загад?.. Вось, напрыклад, калі Сяргей Ціханоўскі, ён жа ў турме правёў 5 гадоў, так? Чаму Максім Знак сядзіць не ў турме і не ў лягеры, а ў ПКТ 2,5 гады? Гэта не да мяне пытаньне. Хутчэй за ўсё, нават і не да калёніі ІК-3.
Але цяжка, вядома, думаю, яму там, цяжка ад слова «зусім». Хацелася б, каб за яго, можа, як мага хутчэй пазмагаліся.
Цалкам інтэрвію зь Дзмітрыем Міхайлавым глядзіце тут:
Форум